Рэч Паспалітая, з якой больш за два стагоддзі быў паяднаны лёс беларускага народа, у выніку трох падзелаў гэтай дзяржавы (1772, 1793 і 1795), зробленых Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй, спыніла сваё існаванне. Беларускія землі з насельніцтвам каля 3 млн чалавек адышлі да Расійскай імперыі. Акт падзелу Рэчы Паспалітай быў вынікам знешняй агрэсіі замежных дзяржаў, якая стала магчымай дзякуючы ўнутранаму аслабленню Рэчы Паспалітай, што было выклікана цэнтрабежнымі тэндэнцыямі ў палітычным, эканамічным, этнічным і рэлігійным жыцці дзяржавы. 3 канца XVIII ст. пачынаецца новы этап беларускай гісторыі, цесна звязаны з гісторыяй Расійскай дзяржавы. Якія перамены ва ўнутраным жыцці Беларусі адбыліся са зменай яе дзяржаўнай прыналежнасці? Расійскі ўрад адразу ажыццявіў шэраг мер па ўзмацненні свайго ўплыву на далучаных землях. Для аховы новых заходніх межаў будаваліся крэпасці ў Дынабургу, Полацку, Відзах, Рагачове і іншых месцах.
|